Аляксандр Трыпуць. Алімпіец

Аляксандр Трыпуць  – чалавек, якога баяцца праблемы

Кожны ў школе пісаў сачыненне на тэму “герой нашага часу”, дзе расказваў пра сваіх герояў. Але ці задумваўся нехта, як насамрэч жывуць такія людзі? Пра гэта “Звяздзе” расказаў паралімпіец Аляксандр Трыпуць. Канешне, сам сябе ён героем часу наўрад ці лічыць. Але гэты спартсмен – прыклад гераічнасці і таго, што чалавек можа ўсё. І гэта не проста прыгожая метафара ці матывацыйны выраз.

Спорт у жыцці Аляксандра быў заўсёды, не перашкодзіла нават прыроджаная блізарукасць, праз якую ён вучыўся ў спецыялізаванай школе. У адрозненні ад футболу, лёгкай атлетыкай урачы займацца не забаранялі. Таму спачатку ў прыярытэце быў бег на 400 метраў, а потым у жыццё гродзенскага хлопца імкліва ўляцела кап’ё. Так і  знайшоўся галоўны занятак – кіданне кап’я. Новае тысячагоддзе пачалося для Аляксандра паспяхова. У 2000 годзе ў Сіднэі на сваіх першых Паралімпійскіх гульнях ён заваяваў серабро ў кіданні кап’я і чацвёртае месца ў шматбор’і. Праз два гады з-за траўмы на абодвух вачах адслаілася сятчатка і левае вока канчаткова перастала бачыць. Аднак з паралімпіяды 2004 года ў Афінах Аляксандр вярнуўся з золатам ў кіданні кап’я і серабром у шматбор’і. Праўда, вяртанне было азмрочана кастылямі – як і старажытнагрэчаскага героя Ахіла, Аляксандра падвяла пятка, якая зламалася падчас спаборніцтваў.

У 2013 годзе лёс распарадзіўся так, што Аляксандру прыйшлося прайсці праз выпрабаванне, пасля якога любы іншы чалавек апусціў б рукі. Любы іншы, але толькі не ён. Шматлікія аскольчатыя пераломы пазваночніка з пашкоджаннем спіннога мозга і пералом шыі, выкліканыя падзеннем з чацвёртага паверха, кардынальна змянілі жыццё Аляксандра. Далей пачалася гісторыя вартая сцэнарыя фільма пра супергерояў. Шэраг бальніц, вераніцы дактароў, дзевяць аперацый… і праз тры гады, у 2016, пасля Аляксандр паехаў на Паралімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанейра. Адтуль вяртаецца з бронзавым медалём, які і ўвасабляе меркаванне аб тым, што чалавек можа ўсё.

“Мы ўсё пераадолеем”

Сёння Аляксандр Трыпуць рыхтуецца да Паралімпійскіх гульнях у Токіа, перанесеных на 2021 год. “Кожны алімпійскі год спартсмен пражывае ў зусім іншым стане, з іншым настроем. Таму я вельмі засмуціўся, калі Паралімпіаду перанеслі. Усе спартсмены былі ў падаўленым настроі. Як ні круці, алімпіяда дае асаблівы настрой, зусім іншы падыход да працы. Тым больш пасля Рыа ў мяне засталася крыўда, што стаў толькі трэцім, мог бы змагацца за серабро, а то і за золата. Таму мне хочацца даказаць самому сабе, што я магу стаць чэмпіёнам на галоўных стартах. Усе спартсмены да гэтага імкнуцца. Зараз паступова набіраю форму, працую. Пакуль не было спаборніцтваў, вырашыў прайсці медыцынскае абследаванне. Аказалася, што на правым воку пачалося адслаенне сятчаткі На шчасце, своечасова заўважылі і выправілі. Дзякуй дактарам з клінікі Voka. Аб сабе заявілі былыя траўмы з плячамі, рэбрамі. Дактары нават раілі зусім не турбаваць і не рухаць левай рукой. Але ж для мяне гэта немагчыма, прыйшлося вытрымаць шмат медыцынскіх працэдур. Здавалася б, спаборніцтваў няма, а траўм, болей, чым калі. Дарэчы, такія праблемы не толькі ў мяне, многія спартсмены за гэты час сутыкнуліся з праблемамі са здароўем. А часу да Токіа застаецца ўсё менш. Спадзяюся, мы ўсё гэта пераадолеем. Я нават працую з псіхолагам, каб не разгубіць сваю псіхалагічную форму і баявы настрой, так неабходны напярэдадні Паралімпійскіх гульняў”, – расказвае Аляксандр.

Больш за ўсё на псіхалагічную і фізічную форму ўплывае адсутнасць спаборніцтваў. Там Аляксандр поўнасцю адчувае сябе ў сваёй стыхіі і нават сур’ёзныя траўмы, набытыя падчас турніру, не перашкаджаюць перамагаць. У лютым на чэмпіянаце свету ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ён не проста перамог, а ўстанавіў рэкорд. І ўсё гэта з страсаннем  мозгу: “На чэмпіянат свету я прыехаў у гіпсе, таму што зламаў нагу. Кідаць кап’ё з гіпсам нязручна, калі садзішся на стул, змяняюцца адчуванні, рухі. Але неяк прывык да гэтага. А на трэніроўцы ураніў штангу і атрымаў страсанне мозгу. І пэўны час не разумеў, чаму мяне ванітуе, кружыцца галава, але не прыдаў гэтаму значэння. Побач не было доктара, з якім мог бы параіцца. Праз некалькі дзён сустрэўся з сяброўкай з Аўстрыі, яна прывяла да мяне ўрача, якая і паставіла мне дыягназ. Але нават з няслабым страсаннем мозгу выступіў даволі такі нядрэнна.  Тады наша пяцёрка размясцілася вельмі блізка адзін ад аднаго. Кожны мог стаць як першым, так і пятым. Не было жараб’ёўкі. А я першы ў рэйтынгу і павінен быў выступаць апошнім, але мяне паставілі першым. І патрэбна было адразу выканаць усе шэсць спроб. Ад гэтага заціснуўся, хваляваўся, таму мог бы і далей кінуць”. У Аляксандра свой падыход да кідання. Першая спроба – каб трапіць у фінал, там вялікі вынік не надта важны. Другая – каб трапіць у прызёры, а наступныя – каб перамагчы і па магчымасці ўстанавіць рэкорд.

Пераможца Паралімпійскіх гульняў 2016 года ў кіданні кап’я грэк Маноліс Стэфанудакіс кінуў снарад на 29 метраў. За чатыры гады Аляксандр Трыпуць пераўзышоў гэты паказчык: “На спаборніцтвах я ўжо кідаў і за 29, і за 30 метраў. Таму ў Токіа будзе цікавей, чым было ў Рыа. Раней паралімпійскі спорт называлі фестывальным, але зараз мы ўжо зацвердзілі свой высокі спартыўны ўзровень. Неяк прапанаваў здаровым спартсменам кінуць кап’ё з магу стула. Яны не ставілі ногі, каб не абапірацца на іх і стараліся не дапамагаць сабе корпусам і ніхто нават не прыблізіўся да майго паказальніка. Цяпер яны ведаюць, наколькі гэта складана. У мяне зусім іншая тэхніка і спецыфіка кідання. Адразу пасля траўмы я пытаўся кідаць кап’ё, як раней, але прыйшлося перавучвацца”.

Аляксандр Трыпуць упэўнены, што заканчваць спартыўную кар’еру патрэбна на піке. Але сёлета штосьці загадваць наперад не прыходзіцца. “З цягам часу будуць з’яўляцца новыя спартсмены. І калі я не буду паказваць вынікі, пра мяне хутка забудуць, такое часта здараецца. А тых, хто сышоў на піке памятаюць доўга. Ды і пажыць хочацца, адпачыць. Я ўсё роўна не змагу без спорту, нават падчас адпачынку цягне ў зал пазаймацца. Таму зараз пытанне аб заканчэнні кар’еры астаецца адкрытым. Паглядзім, як усё атрымаецца ў Токіа”,  – разважае Аляксандр.

“Вялікі дзякуй усім”

Не страціць бадзёрасць і сілу духу Аляксандру дапамагаць сябры. Ён нават жартуе, што пра іх можна напісаць цэлую кнігу. Але непасрэдна перад выступленнем любіць пабыць адзін, настроіцца. Трэба і ўважліва сачыць за тым, каб нічога не забыць, у паралімпійскім спорце дробязяў не бывае. Дарэчы, з неабходным інвентаром дапамагаюць таксама сябры.

Так, сяброўства з гандбалістамі зрабіла Аляксандра першапраходцам. Для таго, каб кінуць кап’ё, спартсменам неабходна адной рукой моцна трымацца за спецыяльную жэрдку. Каб рука не слізгала, Аляксандр мажа яе спецыяльнай мастыкай, якую выкарыстоўваюць гандбалісты. “Калі напружваць руку, якой трымаешся за жэрдку, напружвацца і рука, якая кідае кап’ё. З мастыкай пальцы прыклейваюцца, а рука не напружваецца, адпаведна і другая больш расслабленая. А калі пасля кідання адна рука ўлятае, рука з мастыкай трымаецца, гэта вельмі зручна. Дарэчы, гэта маё ноу-хау, у сваіх сапернікаў я мастыкі пакуль не бачыў”, – дзеліцца спартсмен.

Зручны для выступлення стул з’явіўся таксама дзякуючы сябрам. З гэтым дапамагло кіраўніцтва Гродна. Па словах Аляксандра, такога стула больш ні ў каго няма. Ён лёгкі, зручны і хутка збіраецца ў спецыяльны чамадан, што вельмі важна для пастаянных раз’ездаў. Тым больш, што выкананы ён поўнасцю пад Аляксандра.

“Мне неяк пашанцавала з людзьмі, якія побач. Я заўжды магу на іх разлічваць. Мяне моцна падтрымлівае Нацыянальны Паралімпійскі камітэт, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскім і дэфалімпійскім відах спорту. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр спорту клапоціцца аб маім здароўі. Я падтрымліваю добрыя адносіны з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі. Былы старшыня Вадзім Дзевятоўскі мне часта дапамагаў з экпіроўкай і ў на ўсіх спаборніцтвах было відаць, што я прадстаўляю краіну. Мае коп’і адрозніваюцца ад коп’яў здаровых спартсменаў, яны важаць 600 грамаў і менш жорсткія. І федэрацыя заўжды заказвала патрэбныя мне коп’і. Сённяшні старшыня федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан не толькі мой сябар, але і зямляк. Спадзяюся, у Токіа ў нас з ім усё атрымаецца. Калі прыязджаю ў Мінск, трэніруюся ў манежы РЦАП па лёгкай атлетыцы, яны таксама дапамагаюць”, – расказвае суразмоўца.

Аляксандр прызнаецца, што яму хацелася б больш увагі да паралімпійскага спорту ў краіне. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ці ў Германіі ўбачыў спартыўныя клубы, дзе ёсць ўсё неабходнае для паралімпійцаў і дзе яны могуць працаваць круглы год. Было б выдатна, калі б нешта падобнае з’явілася і ў Беларусі. “Я не магу скардзіцца на тое, што мяне не падтрымліваюць. Вялікі дзякуй усім. Адзінае, што хацелася б часцей выязджаць на спаборніцтвы. Добра, што ў мяне ёсць спонсары, кампанія MacDonald’s аплачвае мае пераезды і пражыванне на спаборніцтвах. Я эканомлю дзяржаўныя грошы і адначасова прадстаўляю краіну, сваімі поспехамі падымаю яе прэстыж. Але ў параўнанні са здаровымі спартсменамі мы вельмі мала выступаем. Таму хацелася б, каб у паралімпіцаў было больш стартаў”, – дзеліцца спартсмен.

Сваім прыкладам Аляксандр Трыпуць даказвае, што ў жыцці заўсёды ёсць месца для подзвігу, нават калі гэты подзвіг – проста жыць і займацца сваёй справай. Але сам да гэтага ён ставіцца спакойна: “Мне вельмі прыемна, калі за мяне хварэюць і перажываюць. Мне пішуць шмат пісем, прысылаюць паштоўкі, асабліва дзеці, і я ўсё захоўваю. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто мне дапамагае, і таму я сам нікому не адмаўляю ў дапамозе. Але з іншага боку, з’яўляецца вельмі шмат зайздроснікаў. Чамусьці некаторыя думаюць, што раз у мяне ёсць спонсары, я выступаю, то на мяне сыплюцца грошы і розныя прэферэнцыі.  Канешне, гэта непрыемна. Я не люблю плакацца, але людзі ж не разумеюць, праз што я праходжу кожны дзень. З нараджэння дрэнны зрок, інвалідная каляска таксама мала задавальнення прыносіць. Вялікі дзякуй дактарам і майму характару, што я не апусціў рукі і працягваю жыць. Але ніяк не магу зразумець, чаму тут зайздросціць. Таму я не стараюся не звяртаць на гэта ўвагу, стараюся канцэнтравацца на сябрах, родных, якія заўсёды за мяне. І, канешне, настройваюся на паралімпіаду, зараз усе думкі толькі аб ёй”, – прызнаецца Аляксандр.

“Не магу жыць без спорту”

У вольны час, якога зараз вельмі мала спартсмен любіць пагуляць па горадзе, паглядзець нешта новае. Але нават сваім адпачынкам ён выконвае важную сацыяльную ролю – звяртае ўвагу на безбар’ернае асяроддзе. Па яго словах, з кожным годам яно ўдасканальваецца: “Прыклад безбар’ернага асяроддзя “Дынама”. Праўда, на яго адкрыцці пасля рэстаўрацыі, прыйшлося сутыкнуцца з праблемнымі ліфтамі, каб ён ехаў прыходзілася пастаянна націскаць кнопку. У наступны раз увогуле не працаваў, але зараз усё нармальна. Лёгкаатлетычны манеж у БДУФК для мяне зручны. Канешне, у Мінску шмат месцаў, дзе трэба ўдасканаліць безбар’ернае асяроддзе, але я бачу прагрэс. У маім родным Гродна ўвесь цэнтр абсталяваны пандусамі і нізкімі бардзюрамі, што мяне вельмі радуе”. Акрамя прагулак па горадзе і сустрэч з сябрамі, Аляксандр захапляецца літаратурай, аддаючы перавагу аўдыякнігам. Дарэчы, любімай кнігай спартсмен лічыць “Людзі на балоце” Івана Мележа.

Гісторыя Аляксандра ставіць толькі адно пытанне – адкуль у яго столькі матывацыі і сілы. Адказ, як і ўсё, што звязаны з гэтым спартсменам, моцны: “Я 22 гады ў спорце і ўжо не магу без яго жыць. Мяне заўжды цягне на фізічную актыўнасць. Для мяне нават выехаць у горад і пакруціць колы каляскі – ужо фізічная нагрузка. Гэта амаль што хвароба. Ніхто са спартсменаў не хоча быць статыстам, усе імкнуцца быць лепшымі. Але пры гэтым нельга забываць супрацоўнічаць з урачамі і клапаціцца аб сваім здароўі. Дзякуй богу, што ў нас больш людзей, здольных падтрымаць і не ўтапіць. І таму мая бадай ці не галоўная матывацыя – у тым, каб дапамагаць людзям ці парадай, ці проста сваім прыкладам”.

газета «Звязда»  Валерыя Сцяцко,  фото — Ганна Занкевiч